ТЭАЛО́ГІЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ,

адна з плыняў у каталіцкай тэалогіі. Узнікла ў 1960-я г. ў Лац. Амерыцы. Заснавальнік — перуанскі багаслоў Г.​Гуцьерэс, які выдаў у 1971 кн. «Тэалогія вызвалення. Перспектывы». Важкі ўклад у развіццё Т.в. зрабілі Л.​Боф, К.​Торэс, Э.​Камара, О.​Рамера і інш. Цэнтральныя ў Т.в. ідэі сац. справядлівасці, ганьбаванне сац. сістэм, гвалтоўных па сваёй сутнасці, якія выклікаюць голад і жабрацтва. асуджэнне паўфеад. структур Лац. Амерыкі і палітыкі неакаланіялізму. Афіц. каталіцкай тэалогіі з ідэяй сапраўднай веры Т.в. супрацьпаставіла ідэю сапраўднага дзеяння, якое вядзе да вызвалення чалавека; у некат. выпадках апраўдваецца нават узбр. барацьба. Прапаведнікі Т.в. заклікалі да скасавання несправядлівых сац. структур, эксплуатацыі бедных багатымі, няроўнага статуса жанчын, дыскрымінацыі, паліт. тыраніі і г.д. Т.в. зрабіла вял. ўплыў на інтэлектуальную думку і сац.-паліт. працэсы ў Лац. Амерыцы 1970—80-х г., нягледзячы на асуджэнне афіц. Ватыкана. З канца 1990-х г. адбываецца новы ўздым. Т.в., у якой, побач з уласна лац.-амер., дзейнічаюць афр., фемінісцкая, экатэалогія і інш. Т.в.

Дз.​Г.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)